ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ (ЦАМА РФ) у г. Падольск, установа Мін-ва абароны Рас. Федэрацыі, якая ажыццяўляе прыём, захаванне і навук.-тэхн. апрацоўку дакументальных матэрыялаў Сав. і Рас. армій з 1941. Створаны ў 1936 у Маскве як Аддзел архіваў пры Упраўленні справамі Наркама абароны СССР (у 1946 перавезены ў г. Падольск Маскоўскай вобл., у 1992 створаны філіял у г. Пугачоў Саратаўскай вобл.); з 1947 Архіў Мін-ва абароны ўзбр. сіл СССР, з 1975 Цэнтр. архіў Мін-ва абароны СССР, з ліп. 1992 сучасная назва. Каля 17,8 млн. адзінак захавання, каля 109 тыс. фондаў (2000). Захоўвае дакументы Сав. Арміі і ўстаноў Мін-ва абароны СССР — Рас. Федэрацыі з пач. Вял. Айч. вайны, у т. л. дакументы часцей і злучэнняў, што прымалі ўдзел у баявых дзеяннях і дыслацыраваліся на тэр. Беларусі ў 1941—91. Пры архіве дзейнічаюць экспертна-праверачная і метадычная камісіі. Архіў удзельнічае ў распрацоўцы пытанняў ваен. архіўнага справаводства і архіваграфіі.

т. 17, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)